Пра нас

На дадзены момант Exist M з'яўляецца адным з самых адметных і, несумненна, вядомых метал-гуртоў Беларусі. Стыль гурта – гэта грымучая сумесь groove-metal рыфаў, магутнай і хуткаснай рытм-секцыі, характэрнай для death і thrash-metal, завадных хардкор-рытмаў і нават чыстакроўных блэк-металічных бластбітаў, сам гурт называе гэта modern metal. Але самая характэрная рыса Exist M – гэта экстрым вакал далікатный з выгляду дзяўчыны – Насты Паламар, а візітнай карткай гурта ўжо даўно прызнаныя яе якасныя шоў. Выдатны разборлівы і шчыльны гук, вар'яцтва на танцполе і чараўніцтва на сцэне нікога не пакінуць абыякавым. Exist M выдатна ведаюць сваю справу і робяць яе выключна выдатна, бо займаюцца гэтым яны ўжо шмат гадоў. На сваім доўгім творчым шляху гурт не зваліўся ў штопар у пагоні за модай, а навучыўся сам ствараць гэтую моду.

Гурт Exist M быў створаны 11 снежня 2005 году ў Менску. Тады гэта была яшчэ проста купка дюлетантай, якія только нядаўна ўпершыню ўзялі ў рукі інструменты. Пасля непрацяглага перыяду інтэнсіўнай працы над матэрыялам, гурт адыграў дэбютны канцэрт 1 красавіка 2006 году. Тады ўпершыню была афішавана назва Exist M (акронім з двух папярэдніх няўдалых назваў). Пасля чаго гурт рэгулярна прымаў удзел у невялікіх «салянках» з мясцовых гуртоў, аднак у хуткім часе першы бубнач пакідае гурт, а наступныя кандыдаты на яго месцы не затрымліваюцца.

У выніку, увосень 2007 году склад Exist M скараціўся да трох чалавек: Наста Паламар (вакал), Аляксей Ялоўскі (гітара) і Аляксей Кузняцоў (бас) – усе яны былі удзельнікамі гурта з першага ня яго існавання. Гурт спыняе выступы і пачынае працу над новым матэрыялам, канчатковы выхад з падполля адбываецца напрыканцы 2009 года. Не маючы ў складзе бубнача, гурт пад драм-машыну бярэ ўдзел у конкурсе Metalfront Music Awards у намінацыі «Адкрыццё году», дзе займае другое месца. Гэта стала штуршкой да далейшай канцэртнай дзейнасці. Летам 2010 да гурта далучыўся бубнач Дзяніс Палуян (Out Of Yesteryear, ex-Social Decay). З новым удзельнікам Exist M выступілі на фестывалі Basowiszcza-2010 у Польшчы і сталі лаўрэатамі фестывалю. Ужо ў поўным складзе ў 2010 годзе гурт адыграў некалькі канцэртаў у розных гарадах Беларусі і прыняў удзел яшчэ ў некалькіх конкурсах, дзе атрымаў узнагароды ў намінацыях «Лепшы вакал» і «Гурт года».

У лістападзе 2010 года быў выдадзены дэбютны запіс гурта – EP “Alter Ego”. Напачатку 2011 года бубначом гурта стаў Вадзім Forneus Кандрацюк (Ex-ID:Vision, Solarward, Infestum). З ім гурт выступае ў розных гарадах Беларусі. Летам гурт, ужо ў якасці ўдзельніка, ізноў выступіў на фестывалі Basowiszcza-2011, а ў лістападзе 2011 Exist M упершыню наведвае Ўкраіну.

У пачатку 2012 года Exist M пачынае запіс свайго першага паўнафартматнага альбома “Redefining”. Увесь 2012 год быў прысвечаны пошукам патрэбнага гуку, запісу, звядзенню і постпрадакшну альбома. У выніку гурт здолеў дабіцца адзінства сэнсавай нагрузкі і гучання сваіх песень. Exist M не зацыкліліся на нейкім адзіным настроі або стылі  - яны арганічна спалучылі ў рамках адзінага канцэпту такія супрацьлеглыя рэчы, як адчай і аптымізм, хардкор і блэк-метал. “Redefining” быў выдадзены 1 снежня 2012 году. Альбом атрымаў шырокую ратацыю на метал-радыёстанцыях і водгукі ў музычных выданнях, у тым ліку замежных.

Пачаўшы 2013 год з канцыртнай прэзентацыі альбому ў менскім клубе Re:Public і далейшага шэрагу канцэртаў, Exist M выпусцілі свой першы кліп на песню Room 101. Пазней, у лістападзе таго ж года выйшаў сінгл з кавер-версіяй песні вядомага беларускага рок-гурта «Ляпіс Трубяцкі» «Нафта». З канца 2013 года у гурце грае бубнач Віталій Zmey Сілюк (ex-Deathbringer), але ў пачатку 2015 Вадзім Кандрацюк зноў вяртаецца ў гурт. У дадзены момант Exist M з'яўляецца адным з найбольш актыўна выступаючых гуртоў Беларусі.

Склад гурта:

Наста Паламар - вакал;
Аляксей Ялоўскі - гітара;
Аляксей Кузняцоў - бас-гітара;
Вадзім Forneus Кандрацюк - бубны.

Дыскаграфія:

2010 - Alter Ego (EP)
2012 - Redefining
2013 - Nafta (Lyapis Trubetskoy cover)